МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б. ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грач. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакг (Ц. Грэцыя).
Я.У.Новікаў.
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)